СТРАКАПЫ́ТАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919,
антыбальшавіцкае выступленне ў Гомелі 24—29.3.1919. Узнята 67-м і 68-м палкамі т.зв. Тульскай брыгады, перакінутымі ў сярэдзіне студз. ў Гомель з Бабруйска. Прычынамі выступлення сталі антысав. настроі вайскоўцаў, дрэнныя ўмовы іх забеспячэння, непадрыхтаванасць да ваен. дзеянняў, кантакты з мясц. насельніцтвам, незадаволеным «харчовай дыктатурай» і мабілізацыямі ў Чырв. Армію. Мяцеж пачаўся ў ноч на 23 сак. на станцыі Славечна Абодва палкі пакінулі баявыя паз шыі і праз Калінкавічы і Рэчыцу вярнуліся ў Гомель, патрабуючы адпраўкі ў Бранск. Створаны для барацьбы з мяцежнікамі ваен.-рэв. к-т абапіраўся на інтэрнац. роту і атрад асобага назначэння. 24 сак. Гомель апынуўся ў руках паўстанцаў. Гомельскі пав. к-т РКП(б) заняў абарону ў атэлі «Савой». Кіраўніцтва мяцяжом узяў на сябе «Палескі паўстанцкі камітэт» у складзе б. афіцэраў 67-га і 68-га палкоў на чале з заг. гасп. часткі М.Стракапытавым. У прынятых к-там адозвах абвяшчалася звяржэнне ўрада Леніна—Троцкага і стварэнне «Рускай Народнай Рэспублікі» з часовай перадачай уладных паўнамоцтваў «Палескаму паўстанцкаму камітэту». Праграма паўстання патрабавала перадачы ўсёй улады Устаноўчаму сходу, зямлі і грамадз. свабод — народу, спалучэння прыватнай і дзярж. ініцыятывы ў сферы вытв-сці. Гомельскія вайск. часці абвяшчаліся 1-й Арміяй «Рускай Народнай Рэспублікі». 25 сак. Ваен.-рэв. к-т здаўся паўстанцам. 28 сак. аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР пачалося задушэнне мяцяжу. Стыхійная эвакуацыя паўстанцаў спалучылася з рабаваннямі, пажарамі і яўр. пагромам, а таксама расстрэлам членаў Ваен.-рэв. к-та. Паўстанцы, якія з баямі адступалі праз Рэчыцу і Васілевічы, у раёне Хойнікаў перайшлі фронт і здаліся атрадам С.Пятлюры. Яны былі перададзены польск. боку, раззброены і інтэрніраваны. Усяго ў час мяцяжу ў Гомелі загінула каля 100 чал., у выніку следства па прыгаворы ЧК за прыналежнасць да яго расстраляна больш за 150 чал.
Літ.:
Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;
Пг., 1923;
Лебедзева В. Стракапытаўскі мяцеж // Бел. мінуўшчына. 1995. № 4.
В.М.Лебедзева.
т. 15, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)